Методический инструментарий

Сцэнарый музычнай вечарыны “У госці  да бабулі Васіліны і дзеда Васіля”  

 

Мэта: развіццё інтарэсу дзяцей да скарбаў нацыянальнай культуры; фарміраванне  цікавасці да выканальніцкай мастацкай дзейнасці.

Праграмныя задачы: развіваць уяўленні дзяцей аб нацыянальных традыцыях і побыце беларусаў, здольнасць адчуваць эмацыянальную выразнасць рытму і перадаваць яго ў руху, фарміраваць уменне выражаць эмацыянальны змест музыкі ў мастацкім вобразе, выхоўваць патрыятычныя  пачуцці, павагу  да роднай мовы і культурнай спадчыны.

Матэрыял і абсталяванне: касцюмы Васіля, Васіліны, Несцеркі для дарослых; народныя касцюмы для выхаванцаў; дзіцячыя музычныя інструменты; атрыбуты для танцаў: вяночкі, ручнікі, кветкі, косы, серп; аўдыязапісы беларускай народнай музыкі да танцаў, песень: “Касіў Ясь канюшыну”, «Цік – так ходзікі» ,“Бывайце здаровы”.

Папярэдняя работа: развучванне вершаў, песень, гульняў, танцаў. 

Месца правядзення: міні-музей “Беларуская хатка”,  музычная зала. 

 Ход мерапрыемства     

Выхавальнік дашкольнай адукацыі (В.)  Дзеці, сёння мы з вамі адправімся ў госці ў незвычайную хатку. Незвычайную, таму што зараз амаль нідзе вы ўжо не ўбачыце тых рэчаў, якія ў мінулым кожны дзень акружалі нашых бабуль і дзядуль. А захавальнікі гэтай незвычайнай хаткі – дзед Васіль і бабуля Васіліна.

Дзеці падыходзяць да дзвярэй міні-музея “Беларуская хатка”. Гучыць  голас  за кадрам:

Ціха вечар наступае

У вопратцы багатай.

Усіх сардэчна запрашае

Заглянуць у хату.

У хаце цёпла і прыбрана,

Бульба ў печы ўжо кіпіць,

Ручнікамі ўсё заслана,

Каля калыскі дзед сядзіць.

Дзеці стукаюцца ў дзверы.

Бабуля. Ой, хто гэта да нас завітаў?

Уваходзяць дзеці,  кланяюцца гаспадару і  гаспадыні.

Дзеці.  Дзед Васіль і бабуля Васіліна! Мы вас вітаем і здароўя вам жадаем!    

Бабуля. Добры вечар, госцiкi! Калі ласка, просім у нашу хату.

Дзед. Госць у хату – сонца ў хату! Дзякуем, што завіталі да нас.

Бабуля.  Дзеці, у нас вялікая радасць. Да нас у госці з горада прыехала ўнучка Аленка. Яна яшчэ зусім маленькая  і больш свайго часу праводзіць  у сне. Звярніце ўвагу, якая ў яе прыгожая калыска. Але сёння яна чамусьці доўга не засынае. Дапамажыце мне з дзедам  заспяваць для яе калыханку.

Дзеці разам з дзедам і бабуляй спяваюць калыханку.

Бабуля. Вось і заснула малятка. Унучка наша расце здаровая, мае моцны сон, таму мы можам у хаце размаўляць у поўны голас. Праходзьце, калі ласка, на покуць і сядайце за стол.

В. Мы прыйшлі да вас не  з пустымі рукамі. У падарунак мы ўзялі беларускія вершы, гульні, песні, танцы.

Бабуля. Што можа быць чароўней роднай мовы?

Яна цудоўнай музыкай гучыць…

В. Дарагія гаспадары! Паслухайце, калі ласка, як цудоўна льецца родная мова з вуснаў нашых дзяцей.

1-е дзіця.

Крынічкай спявае,

Не замярзае

Родная мова.

У сэрцы не гасне,

Поўніць нас шчасцем

Родная мова.                 Н. Шчэрбін

2-е дзіця.

Тварык румяны,

Белая хустачка.

Я ўжо ведаю,

Я — беларусачка!           А. Бадак

3-е дзіця.

Неба чыстае і глыбокае,

І бярозавы ціхі гай -

Беларусь мая сінявокая

Беларусь мая, родны край.     У. Карызна

4-е дзіця.

Беларусам я радзіўся,

Беларусам буду жыць,

Беларускую зямельку

Буду шчыра я любіць!     А. Мілюць

Бабуля. Нам вельмі спадабалася, як вы расказвалі  вершы на нашай роднай мове.

В. Бабуля Васіліна, а чаму так цёпла  ў вашай хаце?

Бабуля.  Гэта ўсе мая  печка-матачка,  гэта ад яе цяпло.

В. А нашы дзеці ведаюць загадку пра печку:

Стаіць у хаце панна

З цэглы збудавана.

Дровамі сілкуецца

Ежа ў ёй гатуецца.

Дровы падкідаем

І цяпло мы маем.

Бабуля.  Печка не толькі грэе,  варыць і жарыць.

 Печка  лечыць і аберагае ад хвароб

 дарослых людзей і малых дзяцей.

В. Гаспададыня, як прыгожа і ўтульна ў вашай хаце.

Бабуля. Так, мае даражэнькія. У нашай хаце ёсць такая рэч, якой мы карыстаемся кожны дзень. Калі вы адгадаеце маю загадку, то яна падкажа, без чаго нельга абыйсціся ў хаце:

Раніцу кожную лашчыць і сушыць

Шыю, рукі, твар і вушы.   (Адказы дзяцей)

Бабуля. Так, гэта – ручнік!

Бабуля паказвае, якія ў яе ёсць ручнікі і  звяртае ўвагу на куфар, які даўней выкарыстоўваўся  замест шафы.

Дзед. У куфры знаходзяцца не толькі ручнікі.  Загадаю я вам зараз загадку, а адгадку  знойдзем  у  куфры.

Урадзіўся ён высокі,

Шаўкавісты, сінявокі.

Апранае нас здавён…

Здагадайцеся, што гэта? (Адказы дзяцей)

Бабуля.  

Лён я вельмі паважаю

Бо абноў усякіх маю:

І спадніцу, і  сурвэтку,

І кашулю свайму дзедку.

 Усё наша адзенне  знаходзіцца ў куфры. Акрамя  гэтага тут ёсць посцілкі, сурвэткі, дываны, абрусы… Вось які скарб мы маем з дзедам!

Народная гульня-карагод «Лянок».

 В. Што ты, бабуля, нам прасці дасі?

Бабуля.  Старым бабулькам воўны пасмачку, а прыгожым маладзічкам белы лянок!

Бабуля і дзеці  спяваюць, паказваючы рухі-дзеянні, пра якія гаворыцца ў песні.

А мы сеялі, сеялі лянок,

Белы слаўны кужалёк!

Урадзіся наш лянок!

Урадзіся кужалёк!

Мы лянок ірвалі, жалі,

Абразалі, у полі слалі,

Урадзіўся наш лянок,

Урадзіўся кужалёк!

Бабуля. Дзед, а дзе ж наш кот падзеўся?  Ён такі свавольнік, пэўна на падворак  пабег гуляць.

Дзед.  Дзеці, вы не бачылі  нашага ката? Давайце разам  пойдзем яго шукаць.

Дзеці  знаходзяць ката  на падворку.

Коцік. Я  зялёнымі вачамі

             Грозна бліскаю начамі.

  Маю пухленькія лапкі,

  Маю кіпцікі-царапкі.

  Спінку прутка выгінаю,

  Страх на мышак наганяю.

Бабуля. Коцік, коцік!

Дзе ты быў?

Дзе ты вусы намачыў?

Коцік: Бегаў я па горцы.

Бабуля: Чаму ж вусы ў смятанцы?

Кот: Мяў-мяў-мяў!

Лапкай выцірае мордачку.

Бабуля. Як добра, што знайшоўся наш коцік. Цяпер усё ў нас у парадку. Давайце прысядзем на лаўкі  і пацешымся вячэрнім хараством.

Дзед. Я вельмі рады, што наш кот не прапаў. Запрашаю я цябе ў след станцаваць са мною «Карапет».

Дзед з бабуляй  танцуюць жартоўны танец «Карапет», пасля садзяцца зноў на лаўку.

Бабуля. Ой, глядзіце,  якія  працавітыя  дзеці  растуць  непадалёку ад нас.

      Танец “Касіў Ясь канюшыну” (музычнае суправаджэнне –  музыка У. Мулявіна)

Бабуля. Дзед, прыслухайся, хто гэта так хораша іграе на гармоніку?

З’яўляецца Несцерка.

Несцерка. Шчыра вітаю вас.

Дзед. Несцерка, мы вельмі рады бачыць цябе. Хутчэй зайграй,

хай пачуе ўвесь край.

Дзеці і дарослыя разам з Несцеркам выконваюць пад баян беларускія прыпеўкі.

Дзед. Якія вясёлыя прыпеўкі ў нас,  ногі самі ідуць ў пляс.

Несцерка.

А яшчэ -полька ёсць у нас такая,

Беларуская, ліхая,

Як яе мы затанцуем,

Мы ніколі не сумуем.

              Танец «Полька беларуская» (музычнае суправаджэнне –  муз.  І. Лучанка)

Несцерка. Вечар хутка надыходзіць:  цік-так ходзікі, цік-так ходзікі…

Песня «Цік – так ходзікі» (Муз. С.Харына)

Несцерка. У мяне з сабою ёсць музычныя інструменты. Паслухайцеякая прыгожая музыка  зараз загучыць.

Несцерка дастае з  торбы музычныя інструменты і  раздае дзецям.

Ігра на музычных інструментах (пад бел. нар. музыку)

Бабуля.  Вось якія дзеці цяпер пайшлі, і вясёлыя, і танцоры, і спевакі добрыя. Трэба іх пачаставаць. Пабягу ў хату за пачастункамі.

Несцерка. Пакуль бабуля рыхтуе для вас пачастункі, давайце выканаем прыгожыя беларускія танцы.

Танец «Полька-трасуха”  (музычнае суправаджэнне – пад бел. нар. музыку)

Танец “Падэспань” (музычнае суправаджэнне – муз. А.А.Царман)

Танец з ручнікамі (музычнае суправаджэнне – муз. У. Мулявіна)

Дзед. Ай, якія ж дзеткі,

           Што тыя кветкі,

           Разумныя і ладныя,

           На ўсё выдатныя.

Бабуля выносіць з хаты  пернікі і  частуе дзяцей.

Бабуля. Вы так добра сёння  танцавалі, спявалі.  Вялікі вам дзякуй, што к нам завіталі.  Жадаем вам поспехаў,  дабрабыту,  сардэчнасці ў адносінах! Шануйце сваю краіну і свой родны кут.

В. Дзякуй вам, дзед Васіль і бабуля Васіліна, за ўсё. Нам час ужо вяртацца ў дзіцячы садок.

Дзеці і дарослыя выконваюць песню “Бывайце здаровы” (Сл. А.Русака, муз. І.Любана).

 

Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Варанецкая, Л.М. Выхоўваем грамадзяніна: дашкольнікам аб гісторыка-этнаграфічнай спадчыне: дапам. для педагогаў устаноў,  якія забяспечваюць атрыманне дашк. адукацыі / Л.М.Варанецкая, К.М.Бельская, І.Л.Ждан. –Мінск: Зорны верасень, 2008.-132 с.
  2. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. – Мінск : Нац. інст. адукацыі, 201
  3. Наш край беларускі: дапаможнік для выхавацеляў дзіцячага сада / Уклад. Т.А.Шаблоўская. - Мазыр: ТАА ВД “Белы Вецер”, 2002.-32 с.
  4. Паўлаў, С.Б. Мой родны кут…: зборнік метадычных матэрыялаў па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. У 2 ч./ уклад. В.М.Цяленчанка.- Мазыр: ТАА ВД «Белы Вецер», 2006.

 

Музычны кіраўнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі    А.В.Корзун

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

свернуть

 “Выкарыстанне мастацкага слова пры правядзенні беларускіх народных гульняў”

 

         Яскравым узорам рухомых гульняў з выкарыстаннем мастацкага слова з’яўляюцца беларускія народныя гульні. Яны захоўваюць свае мастацкае хараство, эстэтычнае значэнне і складаюць найкаштоўнейшы, непаўторны гульнявы фальклор. “Народная педагогіка цесна звязала ў адно цэлае мастацкае слова і пэўныя дзеянні, якія адпавядаюць зместу твора”,- адзначае Н.С.Старжынская. Такім чынам, выхаванне ў дашкольнікаў любові і павагі да роднага слова, фарміраванне чуласці да маўленчых норм беларускай мовы і сродкаў выразнасці дасягаецца і праз рухомыя гульні. Таму дыяпазон выкарыстання мастацкага слова ў працы з дзецьмі 4-6 гадоў можна значна пашырыць, калі зместам рухомых гульняў стануць вершы або ўрыўкі з вершаваных тэкстаў беларускіх паэтаў.  Рухомыя гульні пашыраюць агульны кругагляд, напаўняюць слоўнікавы запас, удасканальваюць псіхічныя працэсы.

          Дашкольны ўзрост лічыцца найбольш спрыяльным перыядам мастацкага ўспрымання паэзіі. У гады дзяцінства назіраецца асаблівае імкненне дзіцяці да рытмічна-арганізаванага складу маўлення. Дашкольнікі любяць слухаць і чытаць вершы. Яны аддаюць ім відавочную перавагу ў параўнанні з празаічнымі творамі. У першую чаргу дзеці ўспрымаюць рытм і мелодыю, рыфму верша – увогуле ўсе тое, што вызначае яго мастацкі густ.

          Завучванне слоў да рухомай гульні можа ісці рознымі шляхамі:

  1. Калі вершаваны тэкст просты і кароткі, ен можа адразу ўключацца ў сюжэт гульні (“Кукарэку, певунок”, “Зярняткі для куранятак”, “Вартаўнік”, “Зайцы” і інш.).
  2. Вершаваны тэкст спачатку развучваецца з 1-3 дзецьмі, якія будуць вядучымі (“Каршуны”, “Пчала” і інш.).
  3. Калі ў вершы сустракаюцца незразумелыя словы, якія патрабуюць дадатковага тлумачэння, знаемства з тэкстам адбываецца перад пачаткам гульні (“Хавайся”, “Снежны зайчык”, “Знайдзі сабе дом” і інш.).
  4. Неабходна загадзя знаеміць з тэкстам гульні, словы якой патрабуюць правільнага вымаўлення гукаў у словах; так, зместам асобных гульняў з’яўляюцца скорагаворкі, чыстагаворкі (“Хто палюе”, “Рак і грак”, “Капялюш” і інш.).
  5. Калі тэкст складаны, словы гульні завучваюцца асобна ад гульні, і толькі потым дзеці знаемяцца з самой гульней; але такіх гульняў не шмат (“Гадзюка”, “Бубен” і інш.).

         Для рухомых і карагодных гульняў Н.С.Старжынская раіць падбіраць вершы з выразным тэкстам, лічылкі, пацешкі з дынамічным зместам, якія дазваляюць выконваць адпаведныя дзеянні.

        Аднак гульні, якія выкарыстоўваюцца з мэтай развіцця беларускай мовы, павінны адрознівацца ад гульняў на рускай мове. Толькі такая гульня можа служыць псіхалагічным “апраўданнем” пры пераходзе на беларускую мову. Такой псіхалагічнай устаноўкай пры правядзенні рухомых гульняў з выкарыстаннем вершаваных тэкстаў беларускіх паэтаў могуць паслужыць заклічкі, лічылкі, жараб’еўкі, загадкі, прымаўкі, прыказкі. Аднак гэты матэрыял таксама павінен быць на беларускай мове.

       Вядома, было б памылкай, калі педагог праводзіў бы гульню на беларускай мове, а “прэлюдыя” да гульні ішла на рускай мове. Усе, што тычыцца перыяду “да гульні” і перыяду “адразу пасля гульні”, павінна адбывацца на беларускай мове. Таму і дарослы, і дзеці пастаўлены ва ўмовы размаўляць у гэтай канкрэтнай сітуацыі на беларускай мове, што спрыяе пашырэнню беларускага актыўнага слоўніка. Па сутнасці, незразумелымі ці малазнаемымі будуць толькі словы новай гульні, а слоўнік па “арганізацыйных момантах” застанецца ранейшым (гульня, лічылка, вядучы, самы спрытны, гурт дзяцей, кола, падлічым, пляцоўка, па чарзе, хутчэй і шмат іншых слоў і словазлучэнняў).

        Выкарыстанне мастацкага слова ў сюжэце рухомых гульняў з’яўляецца вельмі эфектыўным метадычным прыемам ў навучанні дашкольнікаў беларускай мове, таму што:

  • мастацкія словы напісаны літаратурнай мовай, якая з’яўляецца ўзорам пісьменнай культурнай мовы;
  • у дзіцяці выпрацоўваецца ўстойлівая цікавасць і станоўчае эмацыянальнае стаўленне да маўленчай дзейнасці, якая выкарыстоўваецца ім ў ходзе рухомай гульні;
  • значна павышаецца маўленчая актыўнасць дзіцяці і легка атрымаць ад яго ўжыванне максімальнай колькасці новых маўленчых канструкцый.

          Інтэлектуальнае, моўнае развіцце здзяйсняецца больш паспяхова і легка, калі яно будуецца на фундаменце разнастайнай рухомай дзейнасці дзіцяці.

Гульні на развіцце асноўных рухаў у сярэдняй групе

Гульні з хадзьбой: “Кураняты”, “Хавайся”, “Жабіны канцэрты”, “Бусел”.

Гульні з бегам: “Мастакі”, “Хто хоча піць”, “Крот і агарод”, “Гаспадар”, “Каршуны”, “Пчала”, “Вартаўнік”, “Кураняты і тхор”, “Камары”, “Агонь кусаецца”, “Парасон”, “Журавель і чапля”.

Гульні са скачкамі: “Зайцы”, “Снежны зайчык”.

Гульні з поўзаннем і лажаннем: “Знайдзі сабе дом”, “Краты на градках”.

 Гульні з кіданнем і лоўляй: “Кінь у сажалку”, “Мішкін мяч”, “Шчупак    

          не спіць”, “Капялюш”.

Гульні на развіцце асноўных рухаў у старшай групе

Гульні з хадзьбой: “Праз дзверы”, “Гадзюка”.

Гульні з бегам: “Лыска”, “Пеўнік гвалту нарабіў”, “Конікі”, “На горку”, “Наловім рыбы”, “Віюцца рэчкі”, “Уцякай ад маланкі”, “Не знікай, ручнічок”, “Пчолкі збіраюць мядок”, “Смелыя мышкі”.

Гульні са скачкамі: “Стракозы”, “Рыбацкая ўдача”, “Жукі ў агародзе”, “Жвавыя ваверачкі”.

Гульні з поўзаннем і лажаннем: “Рак і грак”, “Лодкі плывуць”, “Ясь, не зваліся”, “Гарох-верхалаз”.

Гульні з кіданнем і лоўляй: “Дожджык скача па дарожках”, “Грыбок у кузавок”, “Хто сябруе з добрым днем”, “Лятучая шапка”, “Хто на каго палюе?”, “Клубок і калабок”, “Міхалка-паляўнічы”.

Гульні з выкарыстаннем агульнаразвіццевых практыкаванняў  у сярэдняй  і старшай групах

“Бубен”, “Я і мой цень”, “Робаты”, “Цішыня”, “Круціцца ваўчок”, “Зязюлька”.

Карагодныя гульні

Сярэдняя група: “Дзве казы”, “Кукарэку-певунок”.

Старэйшая група: “А куды жаба падзелася?”, “Аўсянае пячэнне”, “Зярняткі для куранятак”, “Птушыная мова”.

 Пры выбары аднаго вядучага

  1. Дзеці стаяць у радок, а дарослы ці хтосьці з дзяцей лічыць: кожнае слова тэксту прыпадае на аднаго чалавека. Вядучым становіцца той, на каго прыпала апошняе слова.
  2. Выбіраць аднаго вядучага можна і больш складаным спосабам, які таксама зацікавіць дзяцей. Дарослы або адзін з дзяцей лічыць гуляючых. Але на каго прыпала апошняе слова, не становіцца вядучым. Ен павінен назваць адзін з “аб’ектаў” (слова) лічылкі, які сустракаецца ў змесце. Лічылка чытаецца ў другі раз. На каго прыпадае слова з лічылкі “камары” – той становіцца вядучым.
  3. Існуюць і іншыя выбары вядучага:

а) На каго прыпала апошняе слова лічылкі, называе адзін з лікаў (ад 1 да 10). Пры дапамозе парадкавага лічэння выбіраецца вядучы. Так, калі сказалі лік 7, дык і лічыцца трэба да 7. Менавіта семы па ліку становіцца вядучым.

б) Адзін з дзяцей стаіць спіной да гурта гуляючых. Сказаўшы словы, ен з закрытымі вачыма паварочваецца і ідзе да дзяцей. Да каго дакрануўся – той і вядучы.

в) Вядучага можна выбраць пры дапамозе варыянта гульні “Пярсценак”: дзеці сядзяць на лаўцы, трымаючы далоні “лодачкай”. Адзін з дзяцей са словамі праходзіць усіх, імітуючы ўкладанне ў далоні мелкі прадмет. Але прадмет кладзецца толькі аднаму з дзяцей. Па заканчэнні слоў ен выскаквае і становіцца вядучым у гульні.

г) Адзін з дзяцей стаіць спіной да гурта гуляючых, у руках ен трымае шапку. Пасля слоў шапку кідае ў гурт дзяцей. Той, хто яе зловіць. становіцца вядучым.

Пры выбары двух вядучых

Трэба прытрымлівацца правіла: на каго прыпала апошняе слова лічылкі, той сам становіцца вядучым і выбірае яшчэ кагосьці.

Заклічкі да гульні

          Дзеці па сваім жаданні або па даручэнні дарослага пачынаюць скандзіраваць уголас адну з заклічак. Каля яго збіраюцца дзеці, якія хочуць пагуляць у гульню. Напрыклад, “Індык-балбатун балбоча, балбоча... Хто гуляць хоча?”, “Ехаў Бай па сцяне, вез сямера лапцей. Гульняў вез повен воз, гуляем ці не?”

          Каб сабраць дзяцей на гульню, можна выкарыстаць”чароўную торбачку”, у якой знаходзяцца атрыбуты да розных рухомых гульняў. Дарослы (дзіця), трымаючы торбачку ў руках, гаворыць адну з заклічак. Дзеці з торбачкі выбіраюць адзін з атрыбутаў і пачынаюць гуляць.

          Такім чынам, арганічнае спалучэнне мастацкага слова з разнастайнымі рухамі дзяцей робяць такія гульні якасным сродкам развіцця асобы дашкольніка.

Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Пралыгіна, Н.В. Далучэнне дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры сродкамі народных гульняў. – Мазыр, 2007.
  2. Рухомыя гульні з выкарыстаннем мастацкага слова: дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі/ склад. В.С.Красюк, А.І.Шэндзерава.- Мазыр: Белы Вецер, 2012.
  3. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. – Мінск: Нац. інст. адукацыі, 2019

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці          Л.Б.Высоцкая

 

 

свернуть

Кансультацыя для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі “Выкарыстанне твораў фальклору ў  працэсе азнаямлення дзяцей з прыродай роднага краю”

  Творы фальклору адлюстроўваюць адметнасці прыроды Беларусі,  вобразна і маляўніча апісваюць наш нацыянальны каларыт. Разам з тым гэтыя творы даюць магчымасць  педагогу выхоўваць  у выхаванцаў здольнасць да суперажывання, спачування, клапатлівыя адносіны да ўсяго жывога, дапамагаюць вобразна і маляўніча пазнаёміць дзяцей з прыродай роднага краю.

  Заняткі, якія ўключаюць  творы вуснай народнай творчасці (расказванне народных казак, легенд), пачынаюцца з уступнай часткі, мэта якой – падрыхтаваць дзяцей да ўспрымання твора. Да месца будзе кароткая ўступная гутарка;  выкарыстанне малых жанраў фальклору; паказ прадметнай і выяўленчай нагляднасці;  элементы інсцэніравання, стварэння гульнявой сітуацыі; пастаноўка праблемнага пытання; тлумачэнне незразумелых слоў і інш.

У асноўную частку заняткаў уваходзіць само расказванне твора вуснай народнай творчасці, гутарка  (актывізуючыя зносіны) з дзецьмі па змесце твора, практыкаванні ў выразным і вобразным маўленні.

Асноўнай мэтай заключнай часткі заняткаў з’яўляецца вяртанне дзіцяці непасрэдна да тэксту. Таму заканчваць заняткі пажадана паўторным чытаннем усяго твора (калі ён невялікі па аб’ёму) ці эпізодаў, якія найбольш спадабаліся дзецям.

Заняткі будуць праходзіць займальна і цікава пры ўмове выразнага данясення твора да свядомасці выхаванцаў, уключэння ў працэс актывізуючых зносін драматызацый і інсцэніровак вусна-паэтычных твораў дзецьмі, самастойнага ілюстравання выхаванцамі твораў вуснай народнай творчасці.

У працэсе азнаямлення дзяцей з прыродай неабходна шырока выкарыстоўваць народныя загадкі пра прыроду, прыказкі і прымаўкі прыродазнаўчага зместу, народныя прыкметы, беларускія народныя казкі, легенды і паданні, беларускія народныя гульні.

Загадкі аказваюць значны ўплыў на азнаямленне выхаванцаў з прыродай.  Выкарыстанне загадкі  з’яўляецца адным  з цікавых  і дзейсных метадаў работы па фарміраванні ў выхаванцаў экалагічных уяўленняў. Прадметнасць, канкрэтнасць загадкі, скіраванасць на дэталі робяць яе выдатным  сродкам дыдактычнага ўздзеяння на дзяцей. К.Д. Ушынскі пісаў, што загадка заляжа трывала ў памяці, захапляючы з сабой і ўсе тлумачэнні, да яе прывязаныя. Народныя загадкі адрозніваюцца яркай вобразнасцю, у кожнай па-мастацку асэнсаваны прадметы і з’явы, узятыя з розных абласцей прыроды і жыцця чалавека.

Тэматыка загадак пра прыроду вельмі разнастайная.

Па тэматычным складзе яны падзяляюцца на наступныя групы:

  • прадметы і з’явы нежывой прыроды;
  • раслінны свет;
  • свет жывёл;
  • чалавек.

Незвычайна шырока прадстаўлены ў загадках жывельны і раслінны свет. Прычым у іх намаляваны жывелы і расліны, якія добра знаемыя дзецям. Загадкі пра расліны распавядаюць пра іх знешні выгляд, аб умовах іх вырастання, пра змены, якія адбываюцца з імі на працягу года. Загадкі пра дзікіх і свойскіх жывел раскрываюць асаблівасці формы, колеру і іншых прымет жывел, асаблівасці руху, звычкі, спосабы сілкавання.

У рабоце з выхаванцамі ўвагу трэба звяртаць не толькі на змест, але і на форму загадкі. Большасць загадак заснавана на метафары, калі якасць, прыкмета ці дзеянне характарызуецца праз:

  • параўнанне:

Вые як звер, а лятае хутчэй самалета (вецер);

  • азнаямленне:

Зяленая, а не луг; белая, а не снег; кучаравая, а без валасоў (бяроза).

  • называнне прыкмет:

Сам белы, хвост шэры, паджарыя лыткі (заяц).

Па структурных кампанентах загадку можна аднесці да пазнавальных задач. Яна змяшчае ў сабе ўмову і пытанне, адказам на якое павінна быць адгадка. Загадка развівае ў дзіцяці здагадлівасць і кемлівасць.

Таму загадку можна выкарыстоўваць для стварэння праблемных сітуацый ў розных формах  адукацыйнай работы з выхаванцамі. Каб дзеці маглі самастойна адгадваць загадкі, варта спачатку навучыць іх разглядаць прыродныя аб’екты з розных бакоў, вылучаць самыя істотныя прыкметы прадметаў і з’яў прыроды, усталёўваць узаемасувязі з імі. Гэтыя ўменні фарміруюцца падчас сістэматычных назіранняў у прыродзе.

Варта вучыць выхаванцаў свядома адгадваць загадкі: разумець іх змест, знаходзіць шляхі вырашэння лагічнай задачы, знаёміць з прыёмамі адгадвання, а таксама тлумачыць і даказваць правільнасць сваёй думкі.

Фарміраваць уменне адгадваць загадкі пра прыроду пачынаюцца не з іх загадвання, а з выхавання ўменняў назіраць прыроду, успрымаць прадметы і з’явы прыроднага наваколля з розных бакоў, бачыць свет прыроды ў разнастайных сувязях  і залежнасці, у фарбах, гуках, руху і змене.

Спачатку для адгадвання прапаноўваюцца загадкі, пабудаваныя на прамым апісанні характэрных прыкмет на аснове суаднясення славеснай выявы з рэальным прадметам (Маленькія лапкі, на лапках драпкі, ціхенька ступае, мышэй пужае). Паступова уводзяцца загадкі, якія змяшчаюць метафару, г.эн. такія, у якіх апісанне прадмета даецца праз параўнанне з іншымі прадметамі (Сядзіць бабуля, у сто футраў апранутая. Хто яе распранае, той слёзы пралівае).

  Працэс адгадвання загадкі ўключае наступны парадак разумовых аперацый:

  • вылучыць названыя ў загадцы прыкметы невядомага прырорднага аб’екта, г. зн. зрабіць аналіз;
  • супаставіць і аб’яднаць гэтыя прыкметы, каб выявіць магчымыя паміж імі сувязі;
  • на аснове суаднясення прыкмет і выяўленых сувязей зрабіць вывад, г.зн. адгадаць загадку.

          Прыказкі і прымаўкі прыродазнаўчага зместу актывізуюць назіранні за з’явамі і прадметамі прыроды, разуменне выхаванцамі іх якасцей, патрабаванняў, магчымасцей і г.д. К.Д. Ушынскі казаў, што прыказкі дапамагаюць дзецям вывучаць навакольны свет, лепш разумець тое, што яны назіраюць. Напрыклад, у маі выхаванцы назіраюць, што Вясна красна кветкамі, а ўвосень, калі прыходзіць пара збіраць ураджай, што Восень красна пладамі. Дзеці ўжо не будуць няправільна называць поры года, таму што гэта пацверджана іх асабістымі назіраннямі.

  Знаёмства з прыказкамі і прымаўкамі прыродазнаўчага зместу спрыяе развіццю ўмення ясна фармуляваць свае думкі, дапамагае лепш зразумець правілы жыццёвай мудрасці. Выхаванцы здольны не толькі разумець выразы народнай мудрасці, але і на іх аснове рабіць глыбокія лагічныя высновы. Улічваючы асаблівасці дзяцей дашкольнага узросту, трэба выбіраць лепшыя варыянты прыказак і прымавак, больш даступныя для дзіцячага разумення, а некаторыя прыказкі можна рэдагаваць, паляпшаць, замяняць у іх асобныя словы, канчаткі, падбіраць найбольш яркія рыфмы.

          Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі прыродазнаўчага зместу маюць вялікі выхаваўчы сэнс.

   Шмат прыказак можна выкарыстоўваць у працэсе выхавання ў дзяцей працавітасці, цікавасці да працы ў прыродзе. Напрыклад:

Дзе пасееш густа, там не будзе пуста.

Дзе гаспадар ходзіць, там жыта (зямля) родзіць.

   Есць прыказкі і прымаўкі, якія папярэджваюць аб сумных выніках у таго, хто ўлетку гультаяваў і не працаваў на зямлі.

Напрыклад:

Гультая зямля не любіць.

Дзе гультай ходзіць, там зямля не родзіць.

   Прыказкі і прымаўкі прыродазнаўчага зместу выхоўваюць эстэтычныя адносіны да прыроды.

Напрыклад:

Вясна-красна багата цвятамі, а лета – снапамі.

Вясна красна цвятамі, а восень – пладамі.

Акрамя гэтага, прыказкі і прымаўкі маюць форму:

  • параўнання:

Зраўняў муху са сланом;

  • парады:

Калі хочаш хлеб мець, то трэба зямліцы глядзець;

  • павучання:

Прыйдзе пара – будзе і трава.

На адным месцы і камень абрастае.

Вясной пасееш- увосень збярэш.

  • папярэджвання:

   Не зведаўшы броду, не суйся ў воду.

З агнем не жартуй і вадзе не вер.

  Прыказкі і прымаўкі прыродазнаўчага зместу могуць стымуляваць праявы дзіцячай творчасці. Напрыклад, калі з дзецьмі разглядаецца сэнс, аналізуецца змест прыказкі, можна прапанаваць ім намаляваць да гэтай прыказкі малюнак. Таксама можна актывізаваць маўленчую творчасць, калі на базе ўжо вядомых прыказак выхаванцы ствараюць свае. Напрыклад, прыказка, створаная выхаванцамі: Умеў схлусіць – умей адказаць.

       Запамінанню прыказак і прымавак, іх выкарыстанню ў маўленчай дзейнасці будуць садзейнічаць гульні і гульнёвыя практыкаванні. Напрыклад, можна прапанаваць:

  • гульні-спаборніцтвы “Хто больш скажа прыказак”, “Хто больш падбярэ прыказак па сэнсе”, “ Хто больш падбярэ прыказак аб...”;
  • гульню “Прадоўжы прыказку”. Педагог прапануе пачатак прыказкі, прагаворвае адно дзіця, а іншыя завяршаюць;
  • гульню “Падбяры прыказку”. Педагог выкарыстоўвае малюнкі, напрыклад з гульняў “Батанічнае лато”, “Заалагічнае лато” і іншых, і прапануе падабраць прыказку. Так, малюнкі квітнеючых галінак дрэў і кустоў выхаванцы могуць суаднесці з прыказкай Вясна красна... .

  Для аптымізацыі працэсу далучэння выхаванцаў да прыказак і прымавак прыродазнаўчага зместу педагог выкарыстоўвае такія прыёмы работы з выхаванцамі, як:

  • тлумачэнне сэнсу прыказак. Напрыклад: “Як ты разумееш прыказку “Студзень зямлю студзіць”? Успомні выпадак, калі яе можна ўжыць” або “Паслухай прыказку Куранятак па восені лічаць. У чым яе сэнс?”;
  • вызначэнне асноўнай думкі прачытанага твора праз прыказку. Напрыклад: “Паслухай казку “Ліса і заяц” і адкажы, у чым сэнс казкі і як ён адлюстраваны ў прыказцы “Сябра пазнаеш у бядзе”;
  • знаходжанне прыказак у тэксце казкі;
  • складанне прыказак з прапанаваных частак. Напрыклад: “Прыказкі рассыпаліся”;
  • дапаўненне прыказак прапушчанымі словамі. Напрыклад: “Якія словы прапушчаны ў прыказках? Растлумач, чаму так кажуць: Месяц свеціць, ды не …; Колас не спее, калі сонца не …” і г.д.;
  • складанне казак. Кароткая па аб’еме і емістая па змесце прыказка можа служыць выдатным дапаможным матэрыялам для складання казак і апавяданняў. Напрыклад, “Пужліваму зайцу і корч мядзведзь”. Педагог прапануе пачатак казкі: “Аднойчы заяц выйшаў па лесе прагуляцца. Хораша ў лесе, а заяц гэтай прыгажосці не бачыць. Усяго баіцца… або іншыя варыянты да прыказкі.
  • Складанне смешных гісторый. Напрыклад: “Прыдумай смешную гісторыю, калі можна было б ужыць прымаўку “На шырокім полі зайца не зловіш”.

Работа па азнаямленні выхаванцаў з прыказкамі і прымаўкамі прыродазнаўчага зместу актывізуе ўзаемадзеянне з бацькамі.

           Народныя прыкметы супастаўляюцца з жыццём чалавека, з надвор’ем, з адносінамі чалавека да прыроды.

  Найбольш выразныя прыкметы, звязаныя з прадказаннем надвор’я:

  • дождж:

Месяц красен – к дажджу;

  • вецер:

Калі на захадзе сонца воблакі чырвоныя, то назаўтра будзе вецер;

  • снег:

Калі ноччу іней – днём снегу не будзе.

Прыляцелі снегіры – будзе снежна на двары;

  • набліжэнне навальніцы:

Калі ўлетку так горача, што немагчыма дыхаць, то будзе навальніца.

Цікавыя прыкметы надвор’я, у аснову якіх пакладзены назіранні за паводзінамі жывёл:

  • рыб:

 Калі рыба ўвечары гуляе і высока выскоквае з вады – будзе дождж;

  • птушак:

 Калі ластаўкі лётаюць высока, то будзе добрае надвор’е, а калі нізка над вадою ці над самою зямлёю, то гэта на дождж.

 Куры цярэбяцца і купаюцца – дождж будзе;

  • жывёл:

 Кот на печку – сцюжа на двор.

Прыкметы надвор’я, што вызначаюцца па прадметах і з’явах нежывой прыроды:

  • раса:

 Калі пасля захаду сонца выпадае вялікая раса, то будзе добрае надвор’е, а калі няма – то хутка будзе дождж;

  • вясёлка:

 Вясёлка ж пасля абеду паказвае, што будзе яснае надвор’е;

  • месяц:

 Калі месяц агародзіцца вакол узімку, то будзе ісці снег ці закруціць завея, а калі ўлетку – варта чакаць непагадзь;

  • зоркі:

 Калі зоркі блішчаць роўна, то будзе мароз ці яснае надвор’е, а калі яны мільгаюць, то будзе непагадзь;

  • сонца:

 Калі ж сонца абгародзіцца вакол, то непагадзь наступіць хутка.

Гэтыя народныя прыкметы таксама можна аднесці да дакладных.

          Патрабаванні да адбору народных прыкмет:

  • змест прыкмет павінен быць зразумелым для выхаванцаў;
  • варта выкарыстоўваць прыкметы, звязаныя з прыроднымі з’явамі, якія дзіця можа само назіраць. Напрыклад: Ластаўкі летаюць нізка – да дажджу. Дождж пры сонцы – хутка дождж спыніцца.
  • Не варта выкарыстоўваць шмат доўгатэрміновых прыкмет. Напрыклад: Рабіны ўрадзіла шмат – да мокрай восені і суровай зімы.
  • Не варта выкарыстоўваць прыкметы, у якія закладзена негатыўнае стаўленне да аб’ектаў прыроды ці якія дэманструюць адмоўную мадэль паводзін у адносінах да аб’ектаў прыроды. Напрыклад: Чорная кошка перабегла дарогу;
  • Важна выкарыстоўваць больш прыкмет, якія падкрэсліваюць прыгажосць аб’ектаў і з’яў прыроды і стымулююць назіранне, любаванне імі.

   Выкарыстанне народнай прыкметы ў час назіранняў дазваляе педагогам наладзіць пэўны эмацыянальны кантакт з выхаванцамі, вызначыць ці падкрэсліць асноўныя рысы прадмета ці з’явы.

       Казкі па сваім змесце, сістэме вобразаў, адносінах да рэчаіснасці дзеляцца на жанравыя разнавіднасці: казкі пра жывел, чарадзейныя, бытавыя.

   У казках пра жывел галоўнымі персанажамі з’яўляюцца звяры, птушкі. У іх адлюстраваліся міфалагічныя ўяўленні людзей, іх назіранні за прыродай і навакольным светам.

Вельмі важна, што ў многіх казках пра жывел ярка адлюстравалася беларуская прырода, сялянскі побыт.

   Кампазіцыя казак уключае зачын, кульмінацыю і канцоўку. У казках часта паўтараюцца аднолькавыя дзеянні (розных персанажаў), якія ланцугова нарошчваюцца, узмацняюць напружанне, а потым нібы раскручваюцца назад і нечакана заканчваюцца.

        Адным з жанраў прозы з’яўляецца легенда. Беларускія легенды разнастайныя па тэматыцы. У іх адлюстраваны спробы народа растлумачыць паходжанне Сусвету і Зямлі, чалавека і жывел, сутнасць розных з’яў прыроды.

         Легенды – мастацкія творы, дзе вызначальнай выступае не эстэтычная, як у казках, а пазнавальная функцыя. У іх апісваюцца падзеі аб паходжанні жывел, раслін. Легенда як народнае мастацкае апавяданне вызначаецца своеасаблівым спалучэннем звычайнага і дзівоснага, выразна павучальным характарам. У аснову сюжэта легенды звычайна кладзецца неверагоднае здарэнне з удзелам людзей або іншых жывых істот, а таксама з удзелам цудадзейных сіл.

       Паданне сваім зместам звязана з якой-небудзь канкрэтнай падзеяй гістарычнага жыцця народа і прымацавана да пэўнай мясцовасці. Яно вызначаецца сваей пазнавальна-інфармацыйнай функцыяй. Істотнай прыкметай многіх паданняў з’яўляецца іх тлумачальны характар – імкненне даць адказ на пытанні: адкуль што ўзялося, як узнікла і як называецца. У паданнях расказваецца пра паходжанне і назвы пэўных населеных пунктаў, рэк, азер і крыніц, лесу, паляны, балота і інш.

    Што да мастацкай формы паданняў, то сюжэт у іх аднаэпізодны, а часам і зусім няма выразна акрэсленага сюжэта, няма і такіх характэрных для казачнай прозы кампанентаў, як трохразовыя паўторы, пастаянныя формы, дыялог, зачын, канцоўка.

   Легенды і паданні лепш прапаноўваць выхаванцам старэйшага дашкольнага ўзросту  ў пераказе. Пры гэтым педагогу пажадана пераказваць гэтыя творы кароткімі сказамі, якія лягчэй успрымаюцца выхаванцамі. Аб’ем фальклорнага тэксту можна скарачаць.

   Такім чынам, работа з выхаванцамі павінна быць арганізавана так, каб у адной справе, у адным індывідуальным акце паводзін дзіцяці аб’ядналіся розум, эмоцыі, дзеянне як формы выражэння яго адносін да каштоўнаснага аб’екту света.

Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Дубініна, Д.М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М.Дубініна, А.А. Страха, Д.У. Дубінін. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
  2. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. – Мінск : Нац. інст. адукацыі, 201

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці          Л.Б.Высоцкая

свернуть